Зазімак

Янка Купала

На узгоры, на даліны,
На кусты, на перавалы
Леглі снежныя крышталы
Ад пуціны да пуціны.
 
Як жывыя, зоры-сведкі
У нябеснай у купелі;
Патанулі далі ў белі,
Засвяціліся палеткі.
 
Занямелі песні, стоны...
Ціха скрозь, як у магіле!
Толькі, выстраіўшы крылле,
Глуха кракаюць вароны.
 
Воўк з імшараў выбрыў сонных
На ваколіцу пустую
І завёў сваю старую
Думу-думаў беспрытонных.
 
Рэха вылецела з боллю
Па нізіне апусцеўшай
І, да вёскі даляцеўшы,
Задрыжэла ў частаколе.
 
[1908-1910]

Іншыя творы: Янка Купала