Паніч і Марыся

Янка Купала

Свеце месяц, свеце,
Як дзюрка ў сярмязе;
Паніч за мужычкай
Безустання лазе.
 
Дваццаць год Марысі,
Кроў іграе ў целе,
З панскім сынам ночкі
Каратае, дзеле.
 
«Марыся, Марыся! —
Гавора ёй маці: —
Кінь на паніча так
Вачыма міргаці».
 
Яна як не чуе
Матчыных мараляў:
Спусці маці з вока,—
Дзеўка й загуляла.
 
Пад лясок, за вёску,
Бы далей ад дому,
Ляціць на спатканне
К панічу ўдалому.
 
Што з сабой там робяць,
Як час каратаюць? —
Гэта хіба толькі
Муж і з жонкай знаюць.
 
Свеце месяц, свеце,
Як лысіна ў пана;
Мусіць быць нарэшце
Песня даспявана.
 
Ад пакус і ўцехаў
Крок адзін к пакуце,—
Быці бабай дзеўцы
Часам чорт паплуце...
 
Панічу з паненкай,
З багатай Амэляй,
Ужо рукі хусткай
Ксёндз вяжа ў касцеле.
 
Панічова ж любка,
Марыся ўдалая,
На прылёты бусла
Слёзна паглядае.
 
Марыся, Марыся!
Галоўкі не чухай,—
Не слухала маці,
Бабкі цяпер слухай.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала