Ад мінскіх дзяцей

Янка Купала

1
Ад дзіцячай згоднай, буйнай,
Зацвітаючай Камуны
Чэсць, прывет вам, дэлегаты
З беларускіх ніў і хатаў!
 
Гэй, работнікі, сяляне!
Мазыране, бабруйчане,
Ігуменцы і случчане,
Ды барысаўцы й мінчане! —
 
Беларусы вы без плямаў,
Беларусы мы таксама,—
Хай на нашым на загоне
Век ніхто нас не разгоне.
 
Вы ўжо сталы, мы — йшчэ малы,
А як вырасцем, удала
Ўсе к вам пойдзем на падмогу
Церабіць к святлу дарогу,—
 
За тым шчасцем удагонцы
Пойдзем, пойдзем аж да сонца.
Гэй, работнікі, сяляне,
Беларусі грамадзяне!

2
Таварышы дэлегаты!
Для нас сягоння свята,
Што вы папрыязджалі,
Каб жыў Савет наш далей.
 
Ад сэрца вас вітаем!
Кіруйце нашым Краем,
Каб нашай Беларусі
Жылося не ў прымусе.
 
Дамоў жа хто паедзе,
Скажыце там суседзям,
Што мы, Камуны дзеці,
Жыць хочама на свеце.
 
Што хочам грэці плечы,
Як там у вас, ля печы,
Ды ласаваці часам
Яечню і каўбасы.
 
Што трэба нам святлічкі,
Кашулькі, чаравічкі,
Настаўнікі і кніжкі
Ды іншыя «ізлішкі».
 
Што як мець будзем гэта,
То на другое лета
Вам прыйдзем памагаці
Араць, касіць і жаці.
 
Дык не забудзьце дзетак,
З палеткаў вашых кветак,
Як вернецесь дахаты,
Сяброчкі-дэлегаты!
 
1922

Іншыя творы: Янка Купала