Навука

Янка Купала

Знаем мы навуку,
Знаем не адну:
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму...
 
Ўстаці рана-рана,
Позна легчы спаць,
Працаваць дап’яна,
Ў поце працаваць.
 
Што было учора,
Мець ва ўсім гаду,
Сеяць зерне-гора,
Жаць жніво-бяду.
 
Абіваць парогі
Сыценькім людзям,
Кланяцца у ногі
Злыдням і трутням.
 
Беспрыпыннай зданню
Мераці зямлю,
Віць па прыказанню
Сам сабе пятлю.
 
Ў брэдняў верыць кучы,
Ў што не вера той,
Хто нас гэтак вуча
Летам і зімой.
 
Ў родным краю, ў хаце
Быці чужаком,
Праўданькі шукаці
Ў брата кулаком.
 
І душу, і сэрца
Весяліць карчмой,
А як ліха ўпрэцца,
Падружыць з турмой.
 
З боскага суджэння
Без пары сканаць,
За ўсе тут мучэнні
Ў пекле мук чакаць.
 
Гэткую навуку
Знаем не адну,
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму.
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала