На старую ноту

Янка Купала

Свеце месяц, свеце
З вечара да рана,
Арэ мужык поле
Не сваё, а пана.
 
Не сваё так поле
Мужычок пахае,
Бо сваёй зямелькі
Так нямнога мае.
 
Пахае, пахае
І галосіць песні,
Ўвесь потам пакрыты,
Ўвесь крывавай плесняй.
 
У даль у шыроку
Гоне думкі роем,
Гоне іх і ў прышласць
Глядзіць з неспакоем.
 
Вось надыйдзе восень,
Двор багацце зложа,
Будуць поўны торпы
І сена, і збожжа.
 
Весела пан з паняй
Едзе за граніцу,
Мужыку ж хоць зубы
Злажы на паліцу.
 
Аручы чужое
Ад Юр’я да Спаса,
Сабе й не згарусціў
К восені запасаў.
 
Бясхлеб’е глухое
На стале засядзе,
Яго з дзецьмі, з жонкай
Пасвара, павадзе.
 
У карчму загоне
На гора-забаву,
Кажушок, бравэрку
Даць скажа ў заставу.
 
Свісне ў хаце холад,
Свісне папацёмку,
А ў бары у панскім —
Сосна у сасонку.
 
І шумяць сасонкі
Мужычку над вухам:
Кінь смутныя думкі,
Кінь ды будзь ты зухам.
 
Надыйдзе гадзіна,—
Зямелькі прыбудзе,
Запануе доля
У бедным у людзе.
 
Мужычок сасоннік
Чуе і не чуе,
Арэ й ціха плача,
Аб долі бядуе:
 
Не шумі, бор панскі,
Так удзень і ўночы,
Пакуль сонца ўзыйдзе,
Раса выесць вочы.
 
Раса выесць вочы,
Пот цела паране,
Пакуль будзе ў хаце
Долі панаванне.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала