А ты, браце, спі!

Янка Купала

Вясна. Сонца узыходзе,
Свеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе,—
Усталі, пайшлі.
 
Ёсць і працы, ёсць і поту,—
Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу,—
А ты, браце, спі!..
 
Спі, на слёзы і на гора
Рукою махай;
Хоць зрабіў бы ты з іх мора,
А кажы: няхай!
 
Няхай тыя уставаюць
Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць!—
А ты, браце, спі!..
 
Недастатак госце ў хаце,
З крыўдаў дух замёр;
Дзеці, жонка шлюць пракляцце...
Ты ж, як той тапор!
 
Дрэмле сошка, і адлогам
Шнур ляжыць даўгі;
Ржа касу есць над парогам...
А ты, браце, спі!
 
Спі, а можа, хто заблудзе
У твой бедны край
І цябе з душой разбудзе,—
Крыкне: «Уставай!»
 
Ты на гоман той народны
Паходню бяры
І другіх будзі з паходняй!..
А мо лепей... спі?!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала