Партызаны

Янка Купала

Як ішлі у лясы партызаны
На заклятага ворага-пана,
Расступаліся долы і горы,
Шляхі значылі сонца і зоры.
 
Як табун разграмілі варожы
Партызаны ў сваім падарожжы,
Задымелі агні на начлезе,
Зашумеў кучаравы бярэзнік.
 
Як жа свой партызан адзін здрадзіў
І навёў ліхадзеяў к засадзе,
Пайшоў гул па зялёных імшарах,
Паплылі небам чорныя хмары.
 
...А на вогнішчы попелу горсці,
А ў тым попеле чорныя косці...
Выюць ночкай ваўкі на палянцы,
Касцякі даядаючы здрайцы.
 
Як прыйшла перамога над панам,
Ішлі з песняй з лясоў партызаны,—
Расступаліся долы і горы,
Шляхі значылі сонца і зоры.
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала