Прывітанне

Янка Купала

Зноў я з вамі, са сваімі,
Мілыя сяляне!
Будзем разам спатыкаці
Ночку і світанне.
 
Станем разам у парадак
З плугам на папары
Спольна скібіну варочаць,
Нажываць загары.
 
Над работай непрыдумнай
Вясковай пакоры
Будуць здаля баяць байкі
Хвойкі, ясакоры.
 
Скіба ў скібу, гоні ў гоні
Высцелем надзіва;
Ляжа зерне, ўзойдзе колас,—
Узрастай шчасліва!
 
За плугамі за сваімі
На прасторы божым
Чыстым сэрцам, вольнай думкай
Песню-казку зложым.
 
Пойдзе плавам песня-казка
Ў свет аб нашай славе,
Дзіву дасца свет вялікі
Гэтакай праяве.
 
Хай свет знае, што патрапе
Без чужых прымусаў
Беларуса праца, сіла,
Сэрца беларуса.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала