То не рыцары з князем...

Янка Купала

То не рыцары з князем
Шлі гурмой на войны,—
Гэта шлі ваякі
Арміі Чырвонай.
 
Пралятала слава
Па лясах, па полю,
Як свайму народу
Здабывалі волю.
 
*
Не нявольнікаў скутых
Толпы шлі па ночы,—
То ўставаў да працы
Вольны люд рабочы.
 
З дымаў, з папялішчаў
Выйшаў ў свет са славай,
Ворагаў зніштожыў,
Збудаваў дзяржаву.
 
*
То не вікінгі ў чоўнах
Выплылі ў паходы,—
То плывуць па хвалях
Нашы цеплаходы.
 
Плаваюць, бы тыя
Лебедзі ў азёрах,
Па сцюдзёных, цёплых
Акіянах, морах.
 
*
То не сокалы-птушкі
Вымыкалі ў далі,—
Гэта самалёты
Нашы выляталі.
 
Аблятаюць неба
Лётам небывалым,
Дзе людская думка
Векі не сягала.
 
*
То не новая зорка
Узышла на ўсходзе,—
Гэта Сталін шчасце
Засяе ў народзе.
 
Засяе рукою
Дбалаю, магутнай,
Толькі чутны песні,
Радасць толькі чутна!
 
1938

Іншыя творы: Янка Купала