Песня жнеяў

Янка Купала

Бор наш высокі над усе бары,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры,—
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
 
Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе, схаваўшысь, высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Зліча калоссе найменшы хлапец.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
 
Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен — каб лепей рос — жудкай расой
Потам мужычым, крывёй і слязой.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
 
Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацяць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцём.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
 
Водкі к дажынкам не будзе няхват;
Песню спяём мы ўсе пану ўпадрад:
Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
З лета у лета будзь сыт і багат.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала