У хорамах

Янка Купала

Узносілі муры,
Каб княжыці ў мурах;
Ад зоркі да зары
Купаліся ў іграх.
 
Звінела серабро,
І золата, і медзь;
На зло і на дабро,
На ўсё — ўсё ўмелі мець.
 
Не ў страх ім ноч і гром,
Зямля, свет цэлы — рай;
Кані-арлы віхром
Імчалі з краю ў край.
 
Салодкі мёд пілі,
Жыць соладка было,
Забылі адылі,
Што йнакш жыло сяло.
 
1918

Іншыя творы: Янка Купала