Грабар

Янка Купала

Ўжо даўно у вялікім у горадзе
Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;
Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам
Долы-сховы сякім і такім.
 
Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю,—
Супачынку не знае грабар;
Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах
Сам з рыдлёўкай сваёй — гаспадар.
 
Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца,
Змыюць цела, пакуль прыбяруць,
А ў яго ні з сяго дол і выкапан,
І не змыліцца ў меры нічуць.
 
Як дамоўку спускаюць вяроўкамі...
Ажно дзіў, які важны спачын:
Глыбіня, шырыня дапасованы,
Не дагодзіць так бацьку і сын.
 
А засыпе зямлёй супакойніка,
Які насып удоўжкі і ўзвыш!
І дзярном-дываном бераг высцеле,
І з каменьчыкаў высцеле крыж.
 
Доўга-коратка жыў так — няведама,
Пэўна, жыў, колькі трэ было жыць;
Але вось, як на злосць, і абрыдала
Яму гэтак штодня ямы рыць.
 
Без канца неспакойства штодзённае;
Як на варце, з рыдлёўкаю стой;
Пахаваў, насып даў небарачніку,—
Бач, другі ўжо расстаўся з душой.
 
Каб за раз ад усіх адкараскацца,
Вось тады б то аддыха была!
Песні б пеў, не мадзеў святам, буднямі;
А так — доля не тое дала:
 
Мрэ адзін, а ўсё з ім не ўмяншаецца;
На яго месца родзіцца пяць...
Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю
Той грабар і штось выдумаў, знаць.
 
Ён рыдлёўку сваю жалязяную
Кавалю пацягнуў, паказаў;
Як змяю, так сваю землякопніцу,
Насталіць, натачыць прыказаў.
 
І давай ён тады дзіву дзіўную
Апраметна капаць глыбіну,
А ўсё так, не ’бы як, не спыняючысь,
Верне брылы адну на адну.
 
Хто спытае: каму? — не адказвае,
Адно толькі ямчэй капане;
Аб нічым аб другім і не ўздумае,
Думку звёў аб ядзе і аб сне.
 
Рые тыдзень, другі; яма большыцца;
Ўжо кладзе за адкосам адкос;
Дол глыбок, і пясок над магілінай,
Як і глыб,— гэтак высака ўзрос.
 
Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,
Ўжо работы ўсяго на паўдня;
Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму...
Не стрывала матуля-зямля:
 
Ў яму рухнула зверху, хаваючы
Грабара і яго працу ўсю...
Але што ж? Для каго ж дол быў копаны?
...................................................................
Грабар яму ўсяму рыў Жыццю!
1910

Іншыя творы: Янка Купала