1914-ты

Янка Купала

Сыходзіш ты туды, скуль не прыходзяць,
Але сваіх не забярэш слядоў...
О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць,
О год! ты першы гэткі з між гадоў.
 
Прыйшоў не з згоды і свабоды весцяй
І — не ўзвялічыць праўду між людзьмі,—
Жыццё мільёнаў ты прыйшоў затрэсці,
Шлях вымасціць свой трупамі, касцьмі.
 
Кастлявай зморай з гібелі сталеццяў
Ты, як пракляцце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той — хто ўздумае ўміраць.
 
«Не забіваці» — ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на звераў пошасцяй крывавай
Ператварыў і здаў наследніку свайму.
 
Га! Хай жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата!
Крывавы бог крывавыя ахвяры
Сабраць павінен з свету дачыста.
 
Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага Бога-рока
Напіша бескрывавы свой закон.
1914

Іншыя творы: Янка Купала