Сярод раз’юшаных сатрапаў...

Янка Купала

Сярод раз’юшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.
 
Дыхнуць свабоднымі грудзямі
Й зірнуць арліна не дадуць,—
На ўзлёты дум кладуць аковы,
Як на рабоў сляпых кладуць.
 
Здушылі, збэсцілі ўсё чыста
У чорнай яве, ў зводных снах,
Што ад прыроды шлях свой мела,
Што к сонцу мела вольны шлях.
 
На здзек прадажныя прарокі
І на гніццё у царстве цьмы
Вядуць аплучаныя тоўпы
Пад стогны вечныя турмы.
 
Над пакаленнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.
 
Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўслед над імі і за імі
Імчацца гібелі наўскок.
 
Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя звіняць...
О Божа! Ты хоць заступіся
Й не дай дарэшты нам сканаць!
1914

Іншыя творы: Янка Купала