Злажыўшы рукі...

Янка Купала

Злажыўшы рукі накрыж,
Стаім, як вехі ў полі,
І з дня на дзень чакаем,
Чакаем лепшай долі...
 
А дні за днямі сходзяць,
У вечнай гінуць далі...
Чакалі мы; чакаем,
І што ж мы дачакалі?..
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала