Нашы дэпутаты

Янка Купала

І
У сваясях Налівайка
З вернай служкаю нагайкай
Сказ даюць сялянскай браці,
Як чын чына пачытаці.
 
З неадступнаю нагайкай
Едзе, сыпе Налівайка,
Едзе з шыкам і няціха,
Тут рагатка — што за ліха?
 
Вось, матаючы нагайкай,
Загамоне Налівайка:
— Гэй, рагатка, чорт рагаты,
Жыва месца дэпутату.
 
Дый штось зблышыла нагайка,
Цягнуць к ўласцям Налівайку,
Пратакол ідзе на хвата,
На ваяку-дэпутата.
 
Але з ёмкаю нагайкай
Знае дзела Налівайка,
Гайда ў шынк па пратаколе
І шумі яшчэ там болей.
 
Тут пудлуе зноў нагайка,
Улілі штось Налівайку.
Цяпер жджэ казённай хаты,
Знайце правых дэпутатаў...
 
[1908-1909]

Іншыя творы: Янка Купала