"Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі..."

Янка Купала

* * *
Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі
Да збураных гнёзд на палях Беларусі;
 
Як «бежанцы» тыя, ганяны тугою,
Да роднага краю плывуць чарадою.
 
А думцы маркотна, а думка не бачыць,
Як птушка і тая айчынай маячыць.
 
Мкне з выраю птушка, а думка у вырай
Ляцела б, ляцела, а шчыра, так шчыра!
 
1921

Іншыя творы: Янка Купала