З новай думкай

Янка Купала

З новай думкай, з новай песняй
Выйдзеш ты на нівы,
Беларусе, напрадвесні,
Браце мой цярплівы.
 
Засяваці будзеш зернем,
Як бурштын, адборным,
І ніхто цябе не зверне
Са шляхоў прасторных.
 
Думкі пабягуць іначай
Цераз долы, горы,
Ты сягоння тое ўбачыш,
Што не бачыў ўчора.
 
Будзе свет табе вясёлым
Весялей з днём кожным,
Не пабачыш навакола
Злыбяды астрожнай.
 
Будзеш важна паглядаці,
Як у цябе дома
На куце сядзіць багацце,
Нібы госць вядомы.
 
Пра дзень заўтрашні пакінеш
Думаць думкі ў горы,
Дабром поўны будуць скрыні,
Жывёлай — аборы.
 
Біць не будзе пан вяльможны
З твайго ж лесу палкай,
Што ты быў неасцярожны,
Зняць забыўся шапку.
 
Знаць не будзеш ты век-векам
Нядолі абрыдлай,
Звацца будзеш чалавекам,
А не панскім быдлам.
 
Ў добрай долі і прыгодзе,
Радасны, шчаслівы,
Жыць ты будзеш у свабодзе,
Браце мой цярплівы.
 
1939

Іншыя творы: Янка Купала