Сельскія могілкі

Янка Купала

Люблю я могілкі з каплічкай,
Прыселле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Слязой дзе кожан дол абмыт.
 
Сваё дзе Радаўніца свята
Спяшыць у год абходзіць раз,—
Сялян склікаючы сямейку,
Спраўляе з светам тым папас.
 
Жывыя душ успамінаюць
Сваёй успанае радні,
Над імі жаляцца галінкі,
Нясуць былыя думцы дні...
 
Агул жыцця ўсяго абыймеш,
Друзы пагод і непагод,
Зямлю і неба ў рукі возьмеш,—
І ў гэты край зляціць паглёд.
 
І як жа міл дзірванчык цішы,
Спакою дзіўнага узгор,
Дзе не чапіў сялянства пушчы
Навейшай мудрасці тапор!..
 
1910

Іншыя творы: Янка Купала