Арлянятам

Янка Купала

1
Гэй, узвейце сваім крыллем,
Арляняты, буйна, бурна,
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасцю хаўтурнай!..
 
У маланках перуновых,
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыхтуйце новых
Нечувалыя ясноты.
 
Вам сярпы і косы ў рукі
Ды мячы, каваны з сталі,
Далі буры, завірухі,
Што тут вылі, бушавалі.
 
Цень мінуўшчыны праклятай,
Дзе бізун гуляў з нагайкай,
Змеціцё вы, арляняты,
Сваёй новай сілай, байкай.
 
Ужо выбіла часіна
На вялікую прыгоду
Выйсці з мутнай каляіны
Беларускаму народу.
 
Ў чарадзейным карагодзе,
Ў неабсяжнае свабодзе,
Без аковаў на прыволлі
Ўжо віхрыцца наша доля.

2
Вам на памяць Серп і Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Не гнуў плеч ніколі.
 
Каб здабытую свабоду
Зналі, шанавалі
І у цяжкую прыгоду
Ўсталі грознай хваляй.
 
Зашумелі, загудзелі,
Як віхор сусветны,
Не праспалі у пасцелі
Волі агняцветнай.
 
*
Вам дасталіся ад продкаў
Сохі і бароны,
Каб вы ў час, пасля паводкаў,
Выйшлі на загоны.
 
І з’аралі сваю ніву
Шырака, глыбока,
Зерне ўкінулі шчасліва,
Чыстае, як вока.
 
Каб рунела зерне тое
Весела, яскрава
Побач з вашай маладою,
Сакалінай славай.
 
*
Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы з імі сонца следам
Выйшлі на пакосы;
 
Каб касілі да упаду
Пустацвет і зелле,
Што сваім пякучым ядам
Труцяць кроў у целе.
 
Каб звінелі вашы косы
Над зямлёю соннай
Ад начных да ранніх росаў
Звонка, векапомна.
 
*
Вам у спадчыне ад роду
Засталіся песні,
Каб быць вашай асалодай
У жыцця прадвесні.
 
Каб вы пелі, не сціхалі
Ў радасці і ў горы,
Гаманілі, нібы хвалі
У бурлівым моры.
 
Каб шоў гоман неспыняны
Ад поля да поля
І людзей, яшчэ скаваных,
Заклікаў на волю.
 
1923

Іншыя творы: Янка Купала