Гуслі-самаграі

Янка Купала

Як зайгралі, загудзелі
Гуслі-самаграі,
Панясліся, паляцелі
Песні па ўсім краі.
 
Ад паляны да паляны,
Ад бора да бора
Плыве голас неўніманы,
Як бы хвалі мора.
 
Аб вялікай аб старонцы,
Беларусі-маці
Жальба страшная бясконца
Усё чуваць-чуваці,
 
Як душы таёй пакутнай,
З-пад магільнай пліты
Гоман веча ў гуслях чутны,
Чутны звон разбіты;
 
Хоць разбіты, хоць забыты,—
Для ўсіх зразумелы,
І ад свету аж да свету
Слухае свет цэлы.
 
Плачуць, жаляцца спрасоння
Гуслі-самаграі,
Аж, здаецца, пушча стогне,
Курган уздыхае.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала