З кірмашу

Янка Купала

Я іду з кірмашу,
Ногі барануюць,
Вочы ані бачаць,
Вушы ані чуюць.
 
Ночка намагае,
Да сяла далёка,
Хітра пазірае
Месяц-лежабока.
 
Чорт зайшоў дарогу,
Панічом зрабіўся
І на вуха шэпча
Нешта аб Марысі.
 
Што мне ўсё тут знача?
Панам я сягоння!
Па калені мора,
Еду на сто коні.
 
Чорту аплявуху —
Зайцам абярнуўся
І ў лес пакаціўся,
Ані азірнуўся.
 
Ну, валяйце далей,
Ногі-мімаходы!
Вёска недалёка,
Зажывём выгодаў.
 
Эх-ці!.. Дома баба
Не прапусце ціха;
Ну, мы ёй пакажам,
Пачым фунцік ліха!
 
Як палезе шэльма,
Жалам вельмі дойме,
Скажу, што дарогай
Чорт шаптаў аб ёй мне.
 
А во ўжо і хата;
Галава ўсё слаба...
Лягу пад паветкай —
Спі адна там, баба!
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала