Асыпае чэрвень белы сад

Алесь Дудар

Асыпае чэрвень белы сад.
Сок калінавы лугі апаясаў...
Глянь, як раніцы чырвонае віно
срэбраногія бярозкі заліло!
 
Разважалі - быць нам ці не быць,
шмат зрабілі - трэба шмат яшчэ зрабіць...
Стаў на варце адзінокай сіні клён;
ўсім - і блізкім, і далёкім -
                                 наш паклон.
 
Прывітанне шчыра - ад душы...
Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!
Мора пенай разаб'ецца аб граніт -
хай жа кажуць, што ні мэты, ні граніц.
 
Заплятайцеся, пралескі, у вянок -
плешча радасці чырвонае віно.
Будзе вецер сівагрывы варажыць
пра свае і пра чужыя рубяжы.
 
Што нам пацеркі з старых рабін?
Можам самі сабе сцежку церабіць;
хопіць сілы для чужых і для сваіх,
каб сабою перамогу засланіць.
 
Будзе праўда з тым, хто перамог,
пераможанаму - крыўда і ярмо...
Ой ты, клён сінегаловы, стройны клён,
па-над возерам празрыстым, быццам шкло!
 
Асыпае чэрвень белы сад.
Сок калінавы лугі апаясаў...
Нашай раніцы чырвонае віно
срэбраногія бярозкі заліло.
 
1927

Іншыя творы: Алесь Дудар