Песняру-беларусу

Янка Купала

Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песняру?
Як у шуканні вечным хлеба
Знайсці яснейшую пару?
 
О, не хадзі к другім за радай,—
У пушчы сонца не шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.
 
Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песні выгалась свае!
 
За родну песню будзь ваякай,
Не жджы заплаты ад людзей.
Пясняр — слуга слугі усякай,
Пясняр і цар усіх царэй!
 
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
 
Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пайшла весць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.
 
Шчаслівы ты ці нешчаслівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы светач распалі!
 
Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
І вокліч славы пранясецца,
Пяснярскай славы з роду ў род.
 
Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
І важна слаўлен, песнярыста,
На той свет сойдзеш, як лісток.
 
Памёр пясняр.— Над белым крыжам
За годам год перабяжыць;
Няпамяць імя пяўца зліжа,
А песня будзе жыць і жыць!
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала