Пад крыжам

Янка Купала

З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцвеўшым стаю
І ўвокал — ад гораў да гораў —
Зямлю аглядаю сваю.
 
Навокала сцелецца столькі
Багацця, красы і святла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за адною лягла.
 
Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідаючы лісць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.
 
Звод нейкі гамоніць, шапоча:
— Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць не хоча,
Не хоча паняць і заснуць.
 
Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой непрыхільнаю сум,
І тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.
 
Бяссільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
— За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
 
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..
 
Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць...
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста...
Пракляцце — і тое маўчыць.
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала