Прыяцелі

Янка Купала

Два дружкі — груган з ваўком
Неяк раз сышліся,
Важнай гутарцы ўдваём
Важна аддаліся.
 
— Кепска, кепска, пане воўк! —
Першы крук закракаў.—
Войнаў, бунтаў гул замоўк,
Трупаў ані знаку.
 
Лепш мне быў той час стары,
Мой ты воўча любы.
— І мне так жа: з-за гары
Я ўжо скалю зубы.
 
— Я дзяцям нясу ў гняздо
Сэрца або вока.
— Я з ваўчыцай рву сцягно,
Мяса тнём па клоку.
 
— З’еўшы сэрца, я ляту,
Косці падбіраю.
— Я з ваўчыцай падыду,
Рэшткі дагрызаю.
 
— Слаўна мы жылі ўдваём,
Сыта дні праходзяць,—
Так сабе груган з ваўком
Гутарку разводзяць.
 
Аж тут к ім саюзнік-госць:
— Што вы нос спусцілі?
Яшчэ кара смерці ёсць,
Мы вас не забылі.
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала