Сявец

Янка Купала

На заўтра, к налеццю
Свой сею загон,—
Ад бацькі прыкмеціў
Так сеяць, як ён.
 
Лубянку-сявалку
Дзед сплёў мне даўно,
Ў сявалцы без малку
Бурштын-сам зярно.
 
Знаток сваёй рэчы,
Іду к старане,
Каб вецер у плечы,
Не ў вочы, дзьмуў мне.
 
Прывычнаю жменяй
Зярняты кладу,—
Дзе болей, дзе меней
Сляджу на хаду.
 
Сляджу, каб абсевак
Не кінуці дзе,
Бо з ім неспадзевак
Благіх шмат ідзе.
 
Кулёвай саломай
Дасеў прысцялю,
Ад злога залому
Сяўбу бласлаўлю.
 
Ляжыце, зярняты,
Ў парадак, у рад,
Усходзьце багата,
Каб сейбіт быў рад.
 
Абходзь ты наўкола
Рунь, Юр’я святы!
Ты, добры Мікола,
Пільнуй ад слаты.
 
Дай, хмарка-вясёлка,
Жывучай расы,
Маланкай-агнёўкай
Не зводзі красы.
 
Свой град, Градавіца,
Ў пару сутрымай;
Пярун, Грамавіца,
Ў жніво сунімай!
 
1918

Іншыя творы: Янка Купала