«Нашай ніве»

Янка Купала

Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе,—
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
 
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
 
Наша зерне — нашы думкі —
Не загінуць свету,—
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.
 
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля, панаванне.
 
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
 
Зацвіце яна, як сонца
Пасля непагоды,
У роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
 
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі,—
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!
 
[1911]

Іншыя творы: Янка Купала