Ігнату Буйніцкаму

Янка Купала

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца — усё чыста
Хадыром з ім ходзіць.
 
Калі пусціцца скакаці,—
Ажна сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
Бадай што не бачыў.
 
Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
«Мельнік», ці «Антошка»,—
Усё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка.
 
Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае...
Сцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!
 
Не ўнімайся ж і скачы нам,
Покі сілы хваціць,
Мо пачнуць і думкі нашы
Весялей скакаці!
 
[1911]

Іншыя творы: Янка Купала