Да сваіх думак

Янка Купала

Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй азваліся?
 
Ці навеяў вецер вольны,
Што па горах скача,
Што у плоце, як бяздольны,
Па сіротках плача?
 
Ці бурлівыя паводкі
З вадой вас прыгналі,
Што вясною час кароткі
Зямельку змывалі,
 
Затаплялі, залівалі
Даліны і горы,
Аж сябе ў моры схавалі,
У глыбокім моры?
 
*
Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй азваліся?
 
Ці зрадзіў вас дух збадзяны
У хатцы дзюравай,
На зямельцы акаванай,
Бязвольнай, бясправай?
 
Ці ў калысцы у ліповай
Са мной узраслі вы,
Як дзіцём вучыўся мовы,
Вясёлы, шчаслівы?
 
Свет здаваўся ясным раем,
Людзі — без аблуды,
Не калолі у няволі
Жыццявыя груды!
 
 
*
Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй азваліся?
 
Ці навеяў віхар з поля,
Як лісткі з бярозы?
Ці зрадзіла вас няволя,
Ці гора, ці слёзы?
 
Ці прыгожая дзяўчынка
У вуха нашаптала,
Што вачыма, як лучынка,
Міленька міргала?
 
І бажылася кахаці,
Век не пакідаці,
Разам гора гараваці,
А потым... ну, што там?!
 
*
Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй азваліся?
 
Ці вас выараў сахою
На шнуры вузенькім?
Ці вас выкасіў касою
На сіўцы сівенькім?
 
Ці вас выкапалі людзі,
Як праўду хавалі?..
Ачарнілі фальшам грудзі
І помстай шакаляй.
 
Відмы смерці і разлукі
На скаваных сеюць,
У крыві братняй мочаць рукі,
На трупах шалеюць!..
 
 
*
Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй азваліся?
 
Гэй жа, думкі, громка пейце,
Покуль сэрца б’ецца!
Громка пейце, не жалейце,
Што там хто смяецца!
 
Прыйдзе хвіля, і вас міла
Нехта прывітае,
Можа, хоць дзяўчынка тая,
Што мяне любіла!
 
Прыйдзе хвіля,— поймуць людзі,
Дзе праўда зарэе...
Пейце ж, думкі, шчасце будзе,
Ночка разаднее!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала