"Калі ў свет я ні гляну прыгожы..."

Янка Купала

* * *
Калі ў свет я ні гляну прыгожы,
Кожны раз штось хвалюе душу,
Чуласць дзіўная грудзі трывожа,
Не любіў бы — любіці спяшу.
 
І людзей, што ў трудзе, бы мурашкі,
Плечы гнуць, як братоў бы туліў,
У нядолі, у працы іх цяжкай
Пацяшаў, песні пеў, весяліў.
 
Але толькі ці ж хопіць мне сілы
Перажыць, не ахутацца ў цьму,—
Калі замест грудзей братніх, мілых
Я да сэрца гадзюку прыжму?!
 
16 чэрвеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала