Быў гэта сон...

Янка Купала

Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будных дзён
Я свята меў, глядзеў святлей.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачах яе скрозь смех
Чытаў святы сабе закон
Кахання шчырага і ўцех.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што развяду я з ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.
 
Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцці,—
Ён ёй і мне стварыў прыгон,
А сам сышоў, каб... не прыйсці!
 
1915

Іншыя творы: Янка Купала