Ісцінна чорнае трыо

Янка Купала

Дубровін. Пурышкевіч. Іліядор.
 
Дубровін
(да Пурышкевіча)
Сып, калега, сып «вовсю»!
Цяпер наша жніва,—
Збунтаваную зямлю
Як стой ашчаслівім.
 
Пад свой чорны ўчэрнім хрэст
Права і законы,
Наш цяпер кірмаш і фэст,
Баль у нас «чырвоны»!
 
Пурышкевіч
(да Дубровіна)
Дай, давай, прыяцель мой,
Дубінаю жару!
Здавім петлямі, турмой
«Зямлі, волі» мару.
 
У казіны запрэм рог
Крамолу мінутна,
Зловім рыбы за сямёх
У вадзіцы мутнай.
 
Іліядор
(да Пурышкевіча і Дубровіна)
Я вас, брація мая,
Ў бой благаслаўляю,
Ад страны как есь всея
Модлы воссылаю.
 
Дабы цвіў вавек між вас
Дух Пабеданосца,
Светач Грынгута не гас
На нашай старонцы.
 
Хорам
Гоп! Ура, ура, ура!
Расея-лябёдка,
Дай жа, дай нам хабара!
Ліся рэчкай, водка!
 
Груганы, зубры таўпой,
Гэй, к нам на раздолле!
Справім дружнай чарадой
Пахаванне волі!
1909

Іншыя творы: Янка Купала