Жняя

Янка Купала

Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў.
 
З каласкоў вяночак —
Моладасці сведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
 
На грудзях шчаслівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
 
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
 
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
 
А яна — царыца —
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
 
Смела йдзе у сонцы
Ўся сама — як сонца,
Гэта жнейка наша
У нашаей старонцы.
 
1911

Іншыя творы: Янка Купала