Можна...

Янка Купала

Можна хатку убраць тынкаваннямі з плесні,
Можа віхар нядоляй заенчыць над ей;
Можна пець салаўіныя шумныя песні,
Што шчаслівы ўвесь свет, няма гора ў людзей.
 
Можна свет упрыгожыць у кроў і пажары,
Можа гром загрымець і паслаць перуны,
Могуць гінуць нявінныя ў бітвах ахвяры,
Можна слабым, нязбройным надзець кайданы.
 
Але ёсць жа вялікая праўда на свеце,—
Праўда, сілаю роўная сонца агням,—
Цяпер спіць, але ўстане і бляск свой расквеціць,
За сваё паніжэнне адплаціць людзям.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала