Плачуць мае песні

Янка Купала

Жудка стогнуць рэкі,
Узбураны вясною;
Плачуць мае песні,
Галосяць са мною.
 
Не стагніце, воды
Паводкі бурлівай,
Кіньце плакаць, песні,
Горка, нешчасліва.
 
Хто ўстрымаў паводак
Разгульнае мора?
Хто заглуша песні,
Як іх вызве гора?
 
Вялікае ж гора
Часам людзей муча,
Наўча ненавідзець
І плакаць навуча.
 
Як дубок, з карыцы
Пастухом абдзёрты,
Як той салавейка,
У клетку запёрты,—
 
Так я прападаю,
Не маючы долі,
Як дуб, усыхаю,
Плачучы ў няволі.
 
Не дало жыццё мне
Ні поля, ні хаткі,
Па чужых кутах век
Сіл гублю астаткі.
 
Там, гэт, за гарамі,
Дзе памчыцца вока,
Свет гучны, вялікі
Сцелецца шырока.
 
Сокалам бы вольным
Паляцеў ў свет гэты,
Дый мне крыллі ўцяты!..
Доля, дзе ты, дзе ты?
 
Так бы весяліўся,
Пеў аб шчасці песні,
Як той верабейка
Ў садзе на чарэшні.
 
Гулка стогнуць рэкі,
Ўзбураны вясною;
Плачуць мае песні,
Галосяць са мною.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала