Вясна за вясною...

Янка Купала

К нам вясна за вясною ідзе
І бясследна адходзе ад нас...
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку святла хоць на час.
 
Хоць бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць бы раз зазвінела каса
І дзень лепшы наклікала нам.
 
Вянуць кветкі штораз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум не моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
 
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і слёзы льіцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
 
Вам — пакорным рабам — не вясны,
Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,
А пад песні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе ж будаваць.
 
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
 
Для аслепленых, здаўленых вас
Не было і няма іншых дум...
..................................
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
 
Так вясна за вясной к нам ідзе
І бясследна адходзе ад нас...
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку святла хоць на час.
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала