Скажы, салдат

Эрата

Скажы, салдат, аб чым ты думаў,
Калі страляў ты ў яе?
Накіраваў сляпое дула -
Хто гэта права даў табе?

Яна ж, напэўна, мары мела,
Кахала, верыла, жыла…
Чаго душа твая хацела?
Якую смерць яна звяла?

Скажы, салдат, а каб і маці
Тваю спаткаў бы той жа лёс,
Ці змог бы ты тады страляці?
Ці сам бы ўпаў ад болю й слёз?

Ты скажаш, мабыць, - «загадалі»,
І зноў апусціш долу зрок...
Ды рукі ж самі зброю бралі,
Ты ж сам націснуў на курок.

І калі змоўкне бой крывавы,
Ці зможаш ты знайсці спакой?
Твар той, што куляй быў працяты,
Ізноў паўстане прад табой.

Яе чакаюць. Вечарэе.
Малы ўсё туліцца да шкла.
Ён слова «смерць» не разумее,
Не знае слова «сірата».

Скажы, салдат, ці стане сілы
Пачуць праз доўгія гады,
Як сын пытаецца ў магілы:
«Чаму не йдзеш, матуль? Прыйдзі…»

Ён падрасце. Забудзе словы,
Якімі ён матулю зваў.
А ты ці будзеш жыць гатовы
З усім, што стрэлам тым забраў?

Ты вернешся. Заціхнуць бітвы.
І маці выйдзе на парог.
Яна шаптала ўсе малітвы,
Каб ты вярнуцца з пекла змог.

І будзе ноч. І будуць сніцца
Не дым, не полымя вайны —
А каласок сухой пшаніцы,
Што лёг на вечка той труны.

25.10.2026

Іншыя творы: Эрата