Над ракою ў спакою

Янка Купала

Над ракою ў спакою
Зацвітала каліна;
У сяле за ракою
Вырастала дзяўчына.
 
Да зялёнай каліны
Прылятала зазюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.
 
Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
 
Перастала каліна
У цвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
З ненаглядным страчацца.
 
Бедавала зязюля,
Што каліны не стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
 
Па рацэ гналі хвалі
Ўдаль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны...
 
Над ракою ў спакою
Зацвіла зноў каліна;
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.
 
1911

Іншыя творы: Янка Купала