О.М.Пяшчынскаму

Янка Купала

Шчыра дзякую вам за пяснярскі прывет,
Якім міла мяне прывіталі;
Так цярніста жыццё, столькі мук, столькі бед!
Вы другое жыццё паказалі:
 
Дзе шыбуюць арлы над імглой, пад імглой,
Дзе дух вольны пануе свабодна;
Песню дзіўную я чую смутнай душой
І к старонцы праношуся роднай.
 
Да папарных тых ніў, да пахіленых хат,
Да людзей тых, акрыўджаных доляй,
І да наспаў-крыжоў, пад якімі спіць брат,
Да нямых курганоў сярод поля...
 
Па ўсім гэтым блуджу думкай сцішнай сваей,
Жалем сціснецца сэрца, заб’ецца...
Ўкруг кіпіць барацьба: таго верх, хто дужэй;
Віно з кроўю мяшаецца, льецца.
 
Вочы бачаць усё, адчуваю я ўсё,
Слепа хочацца верыць парою,
Што міне сіла зла, што другое жыццё
Павядзе нас другой пуціною;
 
Што ў руках песняроў струны дрэмлючых лір
Загрымяць новай песняй народам,
І сыдзе на зямлю, зніме горасці кір
Анел радасці, славы і згоды.
 
Жычу ж такжа і вам к гэткай дзіўнай пары,
З божай іскрай жывучы сам-насам,
Польскай лірай сваёй зваць у блісках зары
І старонку маю ўспомніць часам...
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала