Песня і сіла

Янка Купала

Дайце разгону, прастору
Дрэмлючым песням і сілам,—
Дрогне запор наймацнейшы,
Мы ўскалыхнём і магілай.
 
Продка адвечную думу
Праўнук санлівы пачуе;
Што ўзяць курган нам маніўся,
На кургане адбудуем.
 
Шлях залаты працярэбім,
Зорна ўзнясёмся ў высоты
Вышай няпраўды, няславы,
Вышай пакутных балотаў.
 
Моц сваю свету пакажам...
Здзіўляцца старцы і дзеці:
Што знача песня і сіла!
Што знача вельмі хацеці!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала