Хай жа вам так не здаецца...

Янка Купала

Хай жа вам так не здаецца,
Што бяда ўжо і зацісне.
Знайце, ліха ператрэцца
І маланкай доля блісне.
 
Праўда, поўны сумаў весці
Буйны вецер нам прыносіць,
Што як з гора, як з балесці
Каля нашых хат галосіць —
 
І галосіць, і заводзе,
Плача, як па дзетках маці,
Аж бы крыкнуў: годзе, годзе!
Годзе сэрца жалем рваці!
 
Але ўсё ж, хай не здаецца,
Што бяда ўжо і зацісне,—
Наша ліха ператрэцца,
І маланкай доля блісне.
1906

Іншыя творы: Янка Купала