Прывет вам...

Янка Купала

Прывет вам, вольныя паэты,
Прывет вам ад душы ўсяе!
Хай вашы песні з лета ў лета
Зямля савецкая пяе!
 
Жывём у сонечнай краіне
І будзем жыць у добры час,
Дзе праўда ясная не гіне,
Дзе праўдзе служыць кожны з нас.
 
*
Прывет вам, вольныя паэты!
Мінуўся подлы гнёт і здзек,—
Мы з цемры выйшлі да прасвету,
Мы рабства скінулі навек.
 
Ніхто нам песень не спаганіць,
Свабодных песень, як віхор,
Ні чорных здрайцаў завыванне,
Ні рабаўласнікаў тапор.
 
*
Прывет вам, вольныя паэты,
Квяцістай волі песняры,
Вам, з блізкіх і далёкіх светаў
Людскіх душ слаўныя майстры!
 
Нам расцярэблены дарогі
Да небывалых новых дзён,
Нам сэрцы б’юцца без трывогі,
Спакойны нашы ява, сон...
 
*
Прывет вам, вольныя паэты,
Хай час вам радасна бяжыць!
Нам пад шчасліваю каметай
Так лёгка жыць, тварыць і жыць!
 
Тут гаспадарку мудры Сталін
Вядзе на дзіва ўсіх вякоў,
Тут людзі плакаць перасталі,
Ў заможных выйшлі з жабракоў.
 
*
Прывет вам, вольныя паэты,
Народаў братніх дружны хор!
Хай прамянее агняцветам
Радзімы нашае прастор!
 
Зайграюць сурмы нам да бойкі,
Пажарам задымяць шляхі,—
Алоўкі зменім на вінтоўкі,
Заменім пёры на штыхі.
 
*
Прывет вам, вольныя паэты!
Вітае вас і мал, і стар.
Нясіце ж ленінскім заветам
Свой шчыры песень вашых дар!
 
Каб праз вякі вясной распетай
Дум вашых сказы ў свет ішлі...
Прывет вам, вольныя паэты,
На беларускае зямлі!
 
1936

Іншыя творы: Янка Купала