Мая дзяўчынка

Янка Купала

У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне,—
Каласісты вянок жыта —
Коска жычкаю павіта;
 
Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзве пралескі — яе вочкі
Ці два ў збожжы васілёчкі;
 
Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цвету-ружы ля аконца;
Яе губкі — не калінкі,—
Проста спелыя малінкі!
 
Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты з незабудкі —
Маладыя яе грудкі;
 
Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны;
Ручкі — хто зраўняўся з імі!
Так і шчасце не абыме;
 
Сэрца... Ўсюды за ім пойдзеш...
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш...
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.
 
1910

Іншыя творы: Янка Купала