Бяспутнасць

Янка Купала

Дзе сонца, дзе сонца прытульнага трэба,—
Там хмары, там золкія хмары снуюцца;
Дзе плакаць, дзе слёзы крывава ліць трэба,—
Там людзі, там людзі жывыя смяюцца.
 
Дзе песні, пагудкі прызыўнай дзе трэба,—
Там жальбы там нуднай разносяцца стогны;
Дзе жыць, дзе тварыць жыццё новае трэба,—
Там сыплюць магілы, там — смерць, пахароны!
 
[1920]

Іншыя творы: Янка Купала