Лес

Янка Купала

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што з веку ў век нам байкі бае?
 
Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асцярожна.
 
Там звер туды-сюды шнуруе,
На галлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.
 
Зімой сапе сцюдзёнай думай,
Улетку песнямі уп’ешся,
А ўвосень там — ах, шумы, шумы!
Не чуй — слязою абліешся!
 
Няхай жа свісне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне...
О пушча, цёмная не ў меру,
Чыя душа з табой не дрогне?!
 
[1908-1910]

Іншыя творы: Янка Купала