Дайце мне...

Янка Купала

Дайце мне волю, дайце арліную,
Вырвіце з путаў, аковаў!
Душу напасціць перад сканчынаю
Дайце шчаслівасці новай!
 
Дайце мне долю, дайце багатую,
Вызвальце з горасці чорнай;
Дайце пацесе ў хаце, за хатаю
Быці ўва ўсім мне пакорнай!
 
Дайце мне сонца, сонца агнёвае,
Выведзьце з цёмнасці ночнай;
К знанню, к навуцы сцежкі шчаслівыя
Мне пакажыце нязбочна!
 
Дайце мне праўду дня ясней яснага,
Дайце прасветласці божай;
Выражце з сэрца, сэрца няшчаснага
Ўсё то, што мучыць, трывожа!
1907

Іншыя творы: Янка Купала