Змачу пёрка...

Янка Купала

Змачу пёрка ў атрамэнту
Ды як чыркну па паперы,—
Крэнту-мэнту, крэнту-мэнту,—
Як быкі, стаяць літэры!
 
Глянем, у адной з іх кучы
Прачытаем: «усе брацці!»
У другой — гоман траскучы:
«Няма невукаў у хаце!»
 
А ўжо ў трэцяй дык свабоду
Бачыш вольную пад неба;
А ў чацвёртай — «для народу
Досыць грошы, досыць хлеба!».
 
А хто гэта прачытае,
Скажа: добра напісана;
Скажа: нешта й мужык знае,
Дарма, што бядней ад пана!
 
Дык калі вось атрамэнту
Крыху выллю на паперы,—
Крэнту-мэнту, крэнту-мэнту,—
Як быкі, стаяць літэры.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала