Расшумеўся лес зялёны...

Янка Купала

Расшумеўся лес зялёны
Ад шчаслівых новых дзён.
Слава Арміі Чырвонай!
Варашылаву паклон!
 
Скінуў з плеч няволю Нёман,
Усміхаецца Вілля,
І з-пад Буга плыве гоман,
Весяліцца ўся зямля.
 
Уцякаюць панкі-ляхі,
Бы з пажару пацукі,
Пана ў процьму гоняць страхі,
Смела ходзяць беднякі.
 
Ўжо ад мора і да мора
Пан не строіць сабе меж,
Бо нядаўна, толькі ўчора,
Які меў, згубіў рубеж.
 
Уцякаюць, дзе папала,
І ўцякаць няма куды,
Пазбываемся навалы,
Панскай подлай злыбяды.
 
Паўстае народ рабочы,
Паўстае сялянскі люд,
Развідняе сонца ночы,
Нібы казка, нібы цуд.
 
Песняй гулкай міліёнаў
Ў сэрцы ўдарым, нібы ў звон.
Слава Арміі Чырвонай!
Варашылаву паклон!
 
1939

Іншыя творы: Янка Купала