Вось тут і жыві...

Янка Купала

Няма хлеба, няма солі,—
Чужому рабі;
Няма шчасця, няма долі,—
Вось тут і жыві!
 
Во зіма,— мароз вялікі,—
Дровы ў Мінск цягні;
Дзеткі змёрзлі: енкі, крыкі,—
Вось тут і жыві!
 
Прайшла зімка, цёпла стала,
Вясна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала,—
Вось тут і жыві!
 
Вясна, лета — час рабочы:
Ары, касі, жні;
Пот крывавы заліў вочы,—
Вось тут і жыві!
 
Прайшло лета, прыйшла восень,
Падаткі нясі,
А дзяцей абдзёртых восем!—
Вось тут і жыві!
 
Вот і будзь шчаслівы, браце,
Долі не кляні:
Холад, голад, бяда ў хаце,—
Вось тут і жыві!
 
Працуй цяжка дні і ночы,
Пагарду цярпі;
Сказаў праўду — дзяруць вочы,
Вось тут і жыві!
 
У палацы п’юць, гуляюць,
Свецяцца агні;
Мяне ж з хаты выганяюць,—
Вось тут і жыві!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала